—... І дзеці вашы растуць цёмныя. Бязьмерная праца ўлетку і ўзімку, увосень і вясною надрывае жыцьцё. Б’юць вас мужыкі, сварка між вамі, і жыцьцё ваша — няпрыгожа...
Пятроўна астанавілася, падумала, як-бы шукаючы слоў, а ўсе прысутныя ўпіліся вачыма, глядзелі і чакалі.
І гаварыла яна далей аб тым, як прышла незнаёмая бабам рэволюцыя. Разагнала яна, як вецер разганяе хмары, старое і аджыўшае, прагнала сваіх ворагаў. Шмат цярпелі ў той час людзі, адылі-ж сталі яны будаваць сваё жыцьцё, сваё шчасьце. — У іх была сіла...
І стала жанчына тады — чалавек, маці, работніца— роўная з усімі... А няма яшчэ, няма ў нас гэтага. Ня ўсюдых яшчэ лічаць бабу нават за чалавека. Чаму-ж гэтак? Ды ці баба ня можа справіцца з тым, чым і мужчына? Быў такі чалавек і звалі яго — Ленін... Вось той гаварыў, каб жанчына ў грамадзе ішла побач з мужчынам, не адстаючы ні на крок.
Скончыла яна... Доўга сядзелі моўчкі. Ліда Пятроўна папрасіла, каб выказваліся. Ніхто не прараніў ні слова.
Устала тады з месца Хіма, і, абвёўшы ўсіх вачмі, пачала. Перш не магла падабраць слоў, неяк ня прыходзілі яны ў галаву. Шмат ёсьць сказаць аб чым, але хіба, ня ўмеючы, скажаш за адзін раз? Гаварыла на сходках, куды хадзіла адна з жанчын, бо не давярала Кузьме ў вырашэньні грамадзкіх пытань-