Кожная старалася распытаць і кожную брала цікавасьць. А Хіма, не зважаючы, стукала ў вакно і крычала:
*
— Эй, бабы, на сход!
К поўдню амаль усе бабы пакідалі работу, дзяцей мужыком, а некаторыя малых узялі з сабою ў полы кажухоў. На ўсім вяку сваім зьбіраліся так яны першы раз, дык і пагаварыць было аб чым, бо ўсе былі ў недаўменьні. Усе гаварылі разам, сьмяяліся, а дзеці пішчэлі... плакалі...
Увайшла ў хату Пятроўна з настаўніцаю. Тады ўсе паселі на скамейках і ўжо ціха перашэптваліся і ўсьцішалі малых.
Першая пачала гаварыць гарадзкая жанчына.
— Грамадзянкі! Прыехала я к вам у мяцеліцу, па дрэннай дарозе, з гораду, і хачу я гаварыць з вамі аб нашых жаночых інтарэсах...
Пры гэтым стала лёгкая цішыня. Усе гатовы слухаць аб сваіх інтарэсах. А якія яны?
— Думаю я, — працягвала далей жанчына, уздыхнуўшы, — думаю, я, што будзеце вы слухаць мяне, бо я такая-ж сялянка, як і вы... Глухая ваша вёска, нават дарогі няма, каб праехаць у горад. Жывіцё вы ў брудзе, у цемені. У зьнямозе, у пакутах родзіце дзяцей.
(Пажылая кабета ўздыхнула, Домна Сымоніха, калышучы дзіцё, напявала — а-а-а-а).