Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І ўжо, засланяючы печ, успомніла ўчарашнюю гаворку ўначы аб жаночай долі. А разам з гэтым завязалася другое — як быў Кузьма на вайне, тры гады вяла сама гаспадарку: арала, касіла, малаціла, здабывала хлеб, гадавала дзяцей. А якую ўпартасьць і сілу трэба было мець, каб справіцца з усім?

Пабудзіла дзяцей, меншых двух памыла, дала есьці і, апрануўшы кажух, павязаўшы галаву хусткаю, вышла на вуліцу.

Пастукала ў шыбу вакна суседа Навума.

— Агатка, выйдзі.

— Зараз! — пачулася з хаты і праз хвіліну выбегла дзяўчына.

— Вось што, Агатка, схадзі ты ды скажы бабам, няхай зьбіраюцца зараз-жа ў школу.

— Навошта?

— А скажы, што прыехала з гораду кабета. Хоча гаманіць аб нашых справах.

— Добра. Я схаджу.

І пабегла ў адзін канец вёскі, а Хіма пашла ў другі.

Падыходзіла яна к хаце, стукала ў вакно.

— Эй, цётка Домна, зьбірайцеся на сход.

Праз мёрзлае вакно пыталася цётка Домна:

— Га? Які сход?

— Пачуеш там... З гораду прыехала.

— Аўдуля, кідай кросны ткаць — на сход зьбірайся.

— Зараз!

— Кацярына, бяры малога ды ідзі ў школу!

— Што там такое?.. Некалі мне...