шлася па хаце. 3-пад полу глянула на яе маладое цялё на тонкіх і дрыжачых нагах, забляяла ягня. Яна з цікавасьцю аглядзела ўсю хату: тры маленькіх вакны, старая падлога, на пакуці тры чорных абразы, завешаныя парыжэлымі набожнікамі. Падышла к печы і стала грэць рукі...
Кузьма плёў пахлапці, спадлоб’я пазіраючы на чужую, ня наскую, прыбраную ў гарадзкую адзежу, жанчыну. Двое замурзаных дзяцей, павіснуўшы на печы, сачылі за кожным яе рухам.
Калышучы дзіцё, Хіма заўважыла, што твар у жанчыны немалады, добры і нейкі строгі. Хацелася з ёю пагаварыць, але чужая яна... Прыехала, ну — і няхай!
Потым цікавасьць вырасла.
— Адкуль-жа вы самі будзеце?
— З гораду я прыехала.
— Куды-ж так далёка, ды яшчэ ў такую завіруху?
— К вам прыехала. У вашу вёску...
— К нам? — перапытала Хіма і зьдзівілася.— К нам дык ужо даўно ніхто не прыяжджае. Пасяліліся во’ ў балоце. Улетку з гразі ня вылезеш, узімку ў лесе заблудзіш. Так яно... А чаго-ж вы к нам?..
Грэючы рукі ля печкі, яна сказала:
— Хачу сход жанчын сабраць. Пагутарыць з вамі... Расказаць вам — што і як дзеецца на сьвеце, паглядзець на ваша жыцьцё...
Хіма неяк усхвалявана паклала дзіцё і валасы на галаве паправіла, вылезшыя з-пад хусткі. І голас яе здаўся гарадзкой жанчыне мяккім і цёплым.