Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

палатна няма — адна пасканьніна, а з той пянькі зробленыя хамуты, падузы і лейцы заўсёды парваныя.

З даўных-давён паміж мужчынамі і бабамі вядуцца ў Дзяругах спрэчкі, звадкі, бойкі; сварацца яны ў сваёй хаце, сварацца некалькі двароў разам, а то ў сьвяты дзень і цэлай вёскаю. Тады пачынаецца гвалт, крык. Заўсёды ціхая вёска ўяўляе кірмаш у самы ўрачысты дзень. Тут ня прымаюць удзелу толькі маладыя хлопцы з дзяўчатамі... Яшчэ больш разьюшыліся мужыкі, калі ў часы завірухі, пасьля вайны, дайшла вестка, што бабам дано роўнапраўе. Зразумелі мужчыны гэта па свойму, што бабам дадзена поўнае права над мужчынамі, і пачалі адстойваць яго.

Дасужы хлапец Гаўрыла — адзін гарманісты на ўсю вёску, што граў па нядзелях на вячорках, а перад жнівом і калядамі вясельлі, — склаў пра гэта шмат прыпевак, якія і расьпяваліся ў сьвяточны дзень пад гармонік.

Самай вясёлай парой было лета, калі добра і цёпла гуляць на вуліцы і ў лесе, як пачне налівацца збожжа.

Увосень пачнуцца дажджы, затопяць усю вуліцу. Павесяць людзі на платы вязкі сухіх лык, пралежаных некалькі год, каб сплесьці з іх лапці. Яшчэ больш павялічыцца балота за вёскаю — і ні прайсьці праз яго, ні праехаць у сяло ці ў мястэчка.

Ваўкі пачынаюць выць, брадзіць па полю, цягаць з хлявоў скаціну...

Такое яно жыцьцё...