Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзеўкаю на сяле была. А песеньніца-ж была. Да чаго любіла іх?

— Мінецца яно ўсё. Усё дымам будзе... Я і сама ахвотніца да песень. Чым так сядзець ды сумаваць— давай засьпяваем. Я во’ пачну, а ты памажы мне.

Усьціньня пакінула верацяно, прыхілілася галавою к сьцяне.

— Вось песьня гэтая. Зусім, здаецца, пустое дзела. А жыць нам без яе няможна — у жніво, у каляды, у супрадках — усюдых з песьняю, (Гэта-ж цяпер мала сьпяваюць). Тут табе пра ўсё сказана — і пра гора тваё, і пра радасьць тваю. Сьпяеш — і лягчэй стане! Забудзешся...

І дзьве жанчыны згадзіліся засьпяваць, каб «лягчэй стала».

Зачала Ўсьціньня ціха і пявуча:

Піця-а, людзі, гарэлачку, а я буду во-оду.

Не кажэце майму ро-о-ду.

Тацяна, пасьлюняўшы пальцы, прыгнуўшы галаву к грэбеню, падхапіла мэлёдыю жаласна і тонка:

Што-я я ту-ута гару-у-ю...

І тады ўжо спляліся галасы ў адзін, пяшчотны і сумны да сьлёз.

А скажэце майму ро-оду,

Што я ту-у-та па-аную.

Усьціньня паклала правую руку на грудзі, схіліла галаву на плячо:

Па-айду ў са-адок, сарву цьвято-ок,

Са-аўю-ж я вя-ано-о-ок.