Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

добрым і спрытным да работы. Спрытны чалавек нічога, кажа, не баіцца, працаю ўсё здабудзе, а пры добрым ды ласкавым жыцьцё будзе мілым...

— Праўда, любая мая. Добры чалавек заўсёды пашкадуе і не пакіне пры бядзе, а злы чалавек, як зьвер зарычыць...

— Не паслухала я бацькі. Нашла і багатага, і прыгожага... Не скажу, каб дужа любіла, ды што ты зробіш. Толькі вось характарам ня ўдаўся ён.

— Уся іх парода такая, — заўважыла Ўсьціньня, — калі непарадак які, дык ён, як зьвер, накінецца вэпсам — гу-у!

— З месяц пажылі хораша. А тады беспарадкі ў сям’і сталі. Падзяліўся бацька. А яно-ж во’ так, калі разам ды ў лад, дык усяго і многа здаецца, а падзяліліся — хатка старэнькая, няма каня, кароўка адна. А Саўка прывык гуляць, піць стаў, кінуў працаваць. Адна я за ўсім цягайся ды цягайся. І так мне апрыкрыла ўсё — і любоў тая загінула. А ён: «паеду, кажа, на заработкі — зараблю грошы»...

Толькі гляджу я, дык, мусіць, зусім не таго ён хацеў. Прадаў, што можна было, а ці вернецца?— сама ня ведаю.

Хоць і вернецца — усёроўна жыцьця ня будзе...

— Вернецца — дзе ён дзенецца. Ад свайго не ўцячэ...

І трохі супакоеная, Тацяна рукавом сарочкі выцерла вочы. Пад вачмі ў яе цені заклапочанасьці, на пераносіцы тонкая складка маршчынкі і завостраны нос.

Закрычала надрывіста дзіцё...