Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ці то доля мая такая?..

— Доля, мусіць.

— Ото-ж і я... Ці-ж я горшай дзеўкаю за ўсіх была — ці зломак які, ці калека? Не хварэла ні разу.

— І ўсё, цётачка мая, працавала... дзень... ноч... Усё думала: от буду я хораша жыць, шчасьце мне будзе вялі-ікае...

Устала, выпрасталася, узяўшыся за почапку калыскі, стала гушкаць:

— А-а-а... Сьпі мой дзетка, сьпі мой малы, — а-а-а!

Хустка ў яе з галавы зьбілася на патыліцу, косма русых валос закрыла бледную шчаку; з-пад потнай грубай сарочкі відаць белыя з жоўтымі плямамі грудзі.

І зашпільваючы сарочку ды папраўляючы хустку, казала Тацяна неяк нарасьпеў, па-песеннаму:

— А няма гэтага шчасьця. Дзе яно? Ліха яго ведае. Ці краскамі зацьвіло маё шчасьцейка, ці быльлём парасло на мяжы? Усьціньня дадала, сучачы нітку на верацяно:

— Як у песьні тэй — шчасьце за сінім морам. А дзе тое сіняе мора?—Краскамі зацьвіло. А дзе тыя краскі? — Дзяўкі парвалі... Эха-ха! — Вось яна доля наша — бабская!

А Тацяна, прыняўшыся за пражу, сьпяшаючыся, пачала расказваць — бяз журбы, з жаданьнем расчыніць тое, што дзеецца ў душы.

— Яшчэ бацька-нябожчык, як дзеўкаю была, казаў: ня ідзі ты, дачушка, ні за багатага, ні за прыгожага. Шукай ты чалавека па сабе, — каб ён быў