Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каменем зваліўся на двор і, растапырыўшы крыльле, пабег у хлеў.

— Дурная птушка, — сказаў Карней.

А зьвярнуўшыся да Агея, весела, падміргнуўшы, сказаў яму:

— Пайду жыты аглядаць, а ты ў хату зайдзі... Сядзіць гэта там адна Маланьня дый сумуе. Распытай ты ў яе — чаго яна так?

Карней пашоў гародамі ў зялёную даль жытоў.

А ў хаце сядзела толькі адна Маланьня — з вакна глядзела на вуліцу, чула крыкі, песьні ды вясёласьць маладых. Нікуды ёй ісьці не хацелася — толькі многа думалася вельмі.

Нехта стукнуў у дзьверы. Маланьня ўскочыла, выцерла белым вышываным рукавом сьлёзы, а спазнаўшы Агея — вясёлага, са сьмехам у вачох, радасна ўскрыкнула.

— А я думала, што ты ня прыдзеш?

Агей сеў ды ўзяў яе за рукі, паглядзеў у вочы сінія, поўныя прадоньнем простай шчырасьці і пачуцьця.

— Чаму ты думала так, Маланка?

Агею хацелася сказаць што-небудзь вельмі пяшчотнае, ласкавае, каб усьцешыць усхваляванасьць дзяўчыны.

— А мне думалася што ты пакінуў мяне!

— Ха-ха! Цябе пакінуць — такую... добрую... прыгожую...

— Любы мой, Агейка, — і гладзіла яго валасы русыя, пераблытаныя.