Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

най зямлі... Падыходзілі старыя, глядзелі на гульбішча і скокі, а самі гаварылі стала і сур’ёзна аб вясьне і аб ураджаі, аб тым, што жыта добра зарунела, што скора будуць узорваць зямлу пад ярыну.

Агей Засека хадзіў радасным — рад быў вясьне, жыцьцю і думам.

Пад поўдзень прышоў к Карнею. Той сядзеў на прызьбе ў аднэй белай кашулі, весела глядзеў на сонца і на стрэху свайго хлява — на ім пагніла салома...

— Малайчына ты! — пахваліў дзядзька Агея, — зрабіў такое для вобчаства, што другі-б ня змог. Коопэрацыя — важная штука для нас... Плугоў, кажуць, панавезьлі туды — і то добра!..

— Яшчэ ня ўсё, — адказаў Агей, — многа чаго зрабіць трэба... Вось адчынім хату-чытальню. Кніжкі вечарамі чытаць будзем. Людзі з гораду прыедуць— шэфамі завуцца — даклады будуць рабіць. Агроном скажа, як атрымаць большы ўраджай...

— Усё яно патрэбна, а розум — самае галоўнае...

— Розум, дзядзька, у кожнага ёсьць, толькі хто куды накіруе яго...

— Так яно... А сонца-ж, сонца сьвеціць як — эх! Пайсьці-б цяпер на поле ды падзівіцца на збожжа— сёлета яно добра ўзялося.

Сьмяецца Карней — чаму? — ці сонцу, ці жыту, ці так радасна можа.

Белы певень узьбіўся высока на стрэху і захлопаў крыльлямі, загарланіў, а тады, спужаўшыся нечага,