лаўцы — прыземісты хлапец, з каравымі рукамі. Ён павярнуўся, прыслухаўся ды глуха буркнуў:
— Кулак!
— Маўчы, парасё нямытае, — абразіўся рыжы дзядзька, — пажывеш зараз на лёгкім хлебе, ня будзеш комсамольствам займацца.
Усім нялоўка. Хто з іх правы? На чыім баку гэтая праўда — ці чалавека, які комсамольствам займаецца, ці на баку чалавека, у якога многа ў хаце працы?
Агею шкода стала гэтага прыземістага няскладнага хлапца з вялікімі доўгімі, каравымі рукамі.
І пад раньне ў Агея засталася акрэсьленая думка: людзі жывуць, перамагаюць, як гэта ня цяжка, само жыцьцё, мяжуюць, як жыта на сялянскіх палёх, разам са смуткам радасьць зямная ў галовах людзей, ня страціўшых чалавечага вобліку.
Яму здавалася, што гэты хлапец заўсёды знойдзе сабе хлеба, бо рукі ў яго здаровыя. Сівабароды дзед будзе радавацца з сына, які вышаў у людзі. І ўсе— і ўсе будуць па-свойму рады і па-свойму няшчасны і сумотны...
Агей ехаў назад... На палёх туман. Неба, як белая шуба. Дыханьне зямлі — цёплае бывае і ў халады. А ў думках была ўстрывожанасьць і ўздым...
Стаяць пахмурна чорныя хаты, занесеныя сьнегам. З абодвух канцоў сяла раскрычаліся пеўні.
У канцы сяла бегаюць дзесяткі варон, яны падобны на чорныя камякі — кружацца, голасна каркаюць і апускаюцца на бярозы...