кай бародкай, мусіць добра жыць. У аднарукага чалавека — з худым тварам, высушанымі скуламі, глыбока запалымі вачыма — у яго сум аб жыцьці. Сівабародага дзеда, худога крыўдзіць сын старэйшы, але, як ён кажа, у яго ёсьць меншы сын, якога любіць ён. «Сын той ня хто-небудзь, ня просты чалавек, а вучыцца ў горадзе на агронома. К яму і езьдзіў. — «Прыяжджай, кажа, тата, ласкава гэтак. Ну, я і прыехаў, пабыў у яго. Не хвалю, а праўду кіну — залатая галава ў сына, дабіўся, знацца, свайго... Вось як...»
Дзед сьмяецца. Сьмяецца шырока адчыненым ротам, падгніўшымі зубамі, з сьлязьлівай павалокаю на вачох пад хмурымі брывямі.
І ад радасьці дзедавай чуць-чуць ухмыляюцца мужыкі.
Дзядзька з рыжай пакладзістай барадою на ўсе грудзі пачынае скардзіцца, што хадзіў ён па ўсіх установах, гаварыў з усякімі начальнікамі — нічога ня выходзіць. А прыехаў ён сюды на суд: «парабак пакрыўдзіў яго». Год праслужыў той, двару ня спрыяў, бо двор, вядома, чужы, а займаўся «комсамольствам», пры канцы-ж патрабуе поўнай платы. Працы ў хаце, дзякаваць богу, многа. «Ну, хто-ж яму можа даць поўную плату?» у суд, значыць, на мяне. А суд цяпер, трэба прызнацца, — не калішняе, разбурыць цябе хочуць да тла...»
Гаворыць ён моцна, каб усе чулі, есьць хлеб з салам. Усе прыціхлі — маўчаць. Парабак сьпіць на