рэць можна, асьлепнуць... За 8 ці 10 гадзін ты прыдзеш, дык хоць у труну лажыся...
— А хто хлебам корміць? Усё — мужык! — ужо спакайней казаў Ягор.
— Каб не рабочы — што было-б? Хто вам робіць плугі, тыя-ж, чым узорваеце зямлю, не гаворачы ўжо аба многім?.. Эх!
Ягор гаварыў усё цішэй; толькі два галасы пераклікаліся міжсобя. Грамада мужыкоў паддаківала:
— Усім цяжка. Што там і гаварыць!
Сход позна ўначы разышоўся. Ідучы па полю ў сьнегавой замеці Агей са Сьцяпанам думалі ды раіліся; няпрыемны накіп застаўся ў Агея на сэрцы і ад спрэчак, і ад дум ды разважаньняў некаторых мужыкоў.
«Сіла патрэбна! Вялікая сіла, — думаў ён, — каб зрабіць такое, у што-б відавочна паверыў мужык»...
А гэтыя думы цэлыя дні не давалі супакою двум чалавекам. Агей, рупна працуючы па гаспадарцы, не пакідаў думаць...
Падышлі сьвяткі-каляды. Дні стаялі то нянасныя, то віхурыла мяцеліца. Тады многа на сяле пілі самагону, гулялі на вячорках, забываючы аба ўсім...
Сьцяпан сказаў Агею, прышоўшы раз стомлены і злосны:
— Цяжка, браток! Цэлы дзень працуеш у сельсавеце... спачыну няма. Страшна нэрвовы я стаў... Самагон гоняць некаторыя... э-эх, брат!
— А ты будзь спакайней, — параіў Агей, — табе давяраюць сяляне. Прынаравіся...