Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рад лічылі самым разумным на сяле, гаварыць не даюць. З адным ён выпіў, з трэцім, пятым — ды з кім ня піў! У таго налог удвайне калупнуў, у другога зямлю падзяліў не па-божаску... Сьмяшлівы лысы дзед, патрахваючы бародкаю, расказвае, што ўзяў хабару, а справу адклаў у доўгую скрынку...

— Эх, ты! Ай, ня чуеш? Я цябе ва ўсіх газэтах за гэта прапішу, сукін ты сын!.. — ня ўнімаецца дзед.

— Ты -ж пісаць ня ўмееш! — жартуюць з боку...

— Ліха на яго! Другія за мяне напішуць... На ўсю губэрню разьнясу.

— Ха-ха-ха! — паднялі рогат з боку.

Таварыш Сімак стукнуў алоўкам па стале — і ўсе прыцішыліся, пераглянуліся, што будзе...

— Я, грамадзяне, — пачаў чалавек у скураной куртцы, — пасланы к вам ад партыі, каб разгледзець усю справу. Дасканальна праведаўшы, лічу — ва ўсім вінаваты старшыня Ярэмін, за што прыцягнуць яго да адказнасьці. А на месца яго выбраць новага — і на словах моцна націскае — чалавека сьвядомага, які-б абараняў права беднага, а не рабіў усё для свае карысьці... Згодны?

— Згодны! Правільна! — крыкнула разам некалькі галасоў.

Ярэмін апусьціўся на лаўку ды стаў кусаць кончык вуса, а ў вачох спадлоб’я выражалася злосьць на ўсё...

— З свайго боку я выстаўляю кандыдатуру таварыша Сьцяпана Гаравога, павінны ўсе ведаць...