Нікан прышоў у хату ды буркнуў да Насты, грэючы рукі ля печы:
— Можа зусім прышла?
— Так... Не пайду я больш на гора тое...
— Чаму?
У голасе бацькавым была пагроза і крыўда, што і дачка ня будзе слухаць яго. Тады ўсяму канец.
— Не пражыву я, тата...
— Ну, як хочаш... Што-ж! Я цяпер, знацца, нічога ў сваёй хаце — не гаспадар я...
Словы яго значылі тое, што крыўдна яму, як бацьку, што не павінна быць так, але зараз гэта ня выклікала ў Насты сьлёз. Нікан паціснуў плячыма, вышаў з хаты, да вечара прабыў у Арывона, дзе скардзіўся на меншых сыноў. Ад бацькі адышлі ўсе крыўды, што наносіў яму Арывон, як жылі сумесна. Лічыў нават добрым чалавекам, клапатлівым, крэпкім і яшчэ таму, што падыходзіў ён характарам— натураю к яму. Увечары ўсё ляжаў на печы ды голасна думаў пра сваю маладосьць, сілу ранейшую, здатнасьць і цяперашнюю нікчэмнасьць. (Страшна гэта мінулае, ліха на яго!).
А ўраньні сабраў усе свае пажыткі: дзьве сярмягі— новую і старую, лапці нядаўна сплеценыя ды перайшоў, нічога не гаворачы, жыць да Арывона.
У хаце стала ціха і нялоўка.
— Што-ж, няхай ідзе, — сказаў Агей, але было шкода і нудна, не хацелася, каб гэта было так.
Наста з раньня чысьціла бульбу, паліла печ, упраўлялася па гаспадарцы, — гэта пазбавіла лішняй працы