адчуваў, як з кожным днём адыходзіла некуды ўпартасьць і было шкода не яе, а сілы...
Сыном ён гаварыў:
— Ня хочаце жыць, як людзі... Няхай!.. Я нічога ня буду гаварыць, ні слова...
А пры людзях скардзіўся на сыноў:
— Дажывуцца яны да трасцы... А я што? Я ўжо, браткі, ніпрычым... выкінут...
Адны з людзей згаджаліся, што стары ўжо чалавек і ня можа трымаць лейцы па гаспадарцы, другія зудзілі яго злосьць, бударажылі, гаварылі:
— Што табе сыны? Гультаі цяпер усе маладыя. Стары чалавек — ня тое; стары чалавек — крэпак... Дык і жыві, прыпяваючы...
А ў Нікана ўсё не схадзіла пачуцьцё старасьці, суму, непатрэбнасьці сваёй і злосьць на сыноў...
Аднойчы ў марозны дзень, спазаранку, зноў падышла Наста ды кінулася ў сьлёзы.
— Што, яшчэ пабіў? — запытаўся з сэрцам Агей.
— Не адзін раз біў... многа... жыць я далей не магу... — чуць прагаварыла Наста.
Агей цьвёрда прагаварыў, сьцяўшы зубы.
— А я-ж гаварыў табе — ня ідзі больш! Чым ты зьвязана з ім! Паслухала бацькі — э-хх!..
Наста паслухмяна скінула кажух, прысела на лаўку да пацерла рукамі грудзі ў сінякох ад кулакоў нялюбімага мужа.
— Зьверы, а ня людзі!..
Ня было ўжо ў Насты сьлёз, бо прайшлі яны, высахлі, як раса ад сонца.