Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пах — яго цягнула... А Карней быў другой сілаю. Ня жыў ён ніколі ў гарадох і не цягнула яго.

А Карней вышаў на сярэдзіну хаты, топнуў нагою ды падміргнуў усім; засьпяваў:

А з гары, з гары-ы, з да-аліны-ы

Беглі конікі-і ча-а-тыры-ы...

Песьня дзявочая, вясельная, а голас у Карнея сіплы, ня можа зладзіць з песьняй. Карнея падхапіла вясёласьць...

Звонка засьмяялася Маланьня, падхапілі сьмех Агей са Сьцяпанам, а Карней зьдзіўлена стаў з разьведзенымі рукамі.

— Вы чаго? — га? Э-эх, вы... Дачка Маланьня, хоць-бы ты бацьку пасобіла сьпяваць.

— Ну, давай, тата!

А з гары, з гары...

Э-эха-ха... з да-а-ліны-ы...

Голас бацькаў і голас Маланьнін спляліся, адзін звонкі — другі сіплы, неяк выпадкова разьлілася большая вясёласьць у людзей, агарнула іх. І тады ўжо забылі аба ўсім. Нават сур’ёзны, пахмурны Сьцяпан схіліўся на рукі над сталом ды разам з Агеем галасамі здаравеннымі грымнулі:

— Э-э да-ээх!..

Карней ня змог утрымацца і пашоў па хаце, здорава прытопваючы лапцем; трасьліся ў яго барада і порткі... Ва ўсіх прайшоў хмель... Тады ў хату ўбег шчуплы мужык Нікандра; шапка ў яго набак, вочы глядзяць насьмешліва, адставіў правую нагу, рукі ў бокі...