Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ды другі на працу так ня здатны, як на гэтыя скокі: гы-гы-гы...

— Ды гэта навука невялікая, абы ногі хадзілі...

— Твае ногі, нябось, не разыйдуцца! — нехта зачапіў старога.

— Што ты мне гаворыш? Дай чарку выпіць, тады паглядзім, хто каго абгоніць...

— Зялёную грай! — загадваў віхрасты хлапец.

— Ня слухай яго... Вальц-сьлёзы сыграй нам... Э-эх, разьлюлі-малінушка!..

Стары Макей ляжаў на печы, пыхцеў піпкаю і, пазіраючы ўніз, перакідваўся словамі з некаторымі мужчынамі. Дзяўчаты стаялі грудам ля полу, сядзелі з хлапцамі. Агей завёў гутарку з мужчынамі, але гаварыць было цяжка, бо ад тупаньня ног і выкрыкаў нічога ня было чутно... Расчырванеўшыся, сядзела на палу Маланьня ў белай хусьцінцы. Агей падышоў і сеў побач. Маланьня ўстрапянулася, і твар заліла яшчэ большая чырвань.

Агей узяў за яе руку, гарачую, нібыта насьмешліва спытаў:

— А можа забылася пра мяне?

Маланьня яшчэ бліжэй прытулілася.

— Што ты, Агейка? Я ўсё толькі і думала аб табе. А цяпер я рада... так, што ты тут, што мы разам...

Лёгка і добра адчуваць цяплынь рукі любімай, слухаць, як цячэ і б’ецца маладая кроў!..