Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта было цяжка думаць і адчуваць — трэ’ было з усёй напружнасьцю знайсьці нешта, ня так пражыць, знайсьці выйсьце...

А бацька гаварыў:

— Мужычы хлеб горкі ды потны...

Тады яшчэ ядраней стукаў Агееў цэп, чуць не прабіваў ток. І ў тахт гэтага снавалі думы аб здабычы хлеба.

Кастрывы пыл забіраўся пад кашулю, пакрываў твар, ад марозу халадзелі рукі. Так да вечара змалацілі капу жыта...

Была субота, і на старой званіцы, як у разьбіты чыгун, некалькі разоў празванілі. У суседняй хаце заплакала дзіцё, заенчыла, паднялася лаянка і плач жанчыны... 3 гармонікам цераз плячо ішоў па вуліцы гарманісты; грудам хлопцы з прыпевам ішлі ў канец сяла, а ўперадзе дзяўчаты — са сьмехам і выкрыкамі, уцякаючы ад абдымкаў хлапцоў.

— Э-эх-мма-д’ ты ка-алінушка-а... — зацягваў адзін голас.

— Ка-алінушка-а — э-э-эх! — падцягвалі другія.

Як больш сьцямнела, Агей адзеў сваю шынэлю і пашоў на вячоркі. Макеева хата грымела ад скокаў. Гарманісты ківаўся ў бокі ды прытоптваў нагамі. Спачатку нічога няможна было разглядзець: усё мітусілася ў скоках. Хлопцы з дзяўчатамі, потныя, выціраліся хусьцінкамі...

— Во, напрацаваліся, як асець змалаціўшы, — пажартаваў нехта.