прасторы вецер уздымае пух, кружыць яго па дарозе і па гурбах. Агей апавядае пра сваё жыцьцё...
Жыцьцё бяжыць у даль так, што не дагнаць яго, не перагнаць... А ўсё-ж-ткі чалавек жыве. А раз гэтак: павінен гнацца за жыцьцём, адстанеш — не чалавек ты! Утроенай, учацьвяронай сілай бяжы за жыцьцём!
І Агей Засека прышоў з крамяным розумам да жыцьця — шырокага і разгоннага...
Сястра маўчала. Агей гаварыў.
Па небу паўзьлі хмары...
III
На гумнішчы, старым і крытым толькі напалову, якое належала двум гаспадаром і Нікану, яшчэ стаяла завеяная сьнегам капа жыта, што не пасьпелі абмалаціць увосень...
Хлеба к таму часу ня было. У пахмурны дзень з раньня сушылі на асеці, потым на другі дзень малацілі. Агей даўно ня трымаў цэпа ў руках. А ўзяўшы яго ў рукі, адчуў даўнейшую сілу. У два цапы з Кірылам лоўка хадзілі па постаці, абмалочваючы дарагое зерня. Бацька крахцеў, згорбіўшыся з вілкамі, ператрушваў салому.
— От хлеба няма! — сказаў Нікан. — Не рахуба гэта...
Агей сам чуў, — няма хлеба — не гаспадар ты!