было, і яшчэ падабаліся ёй простыя і шчырыя словы.
Тады перад Настай праходзіла жыцьцё.
Любіць нялюбімага горш за ўсё. А на сяле быў хлопец Сёмка і Наста гуляла з ім. Нікан ня любіў Сёмку за тое, што бедна з бацькам жывуць, што ня могуць яны выбіцца на свой шлях-дарогу. І калі прышлі сваты, мала знаёмыя людзі, бацька бяз ведама Насты выпіў гарэлку, заручыў яе. Тады Наста павінна была ісьці ў чужую хату. У той вечар вышла на шнур, дзе часта гуляла з Сёмкай, — і плакала горка дзявочымі сьлязьмі, павіснуўшы на прасьле. Гора такое ў першы раз, ісьці невядома куды ў чужыя людзі, пражыць век з нялюбімым, няласкавым — ох, цяжкі ты лёс — доля пакутная!.. І Наста стаяла так, абапершыся, вільготнымі вачыма гледзячы ў шыр палёў, вецер на плячах расплёў касу русую, у той вечар няўдала заплеценую... А трава пад прасламі расла густая і зялёная, і яшчэ сонца заходзіла за Ліпамі ды гармонік граў на сяле. Вечар у вільготным тумане памёр ужо, а Сёмка яшчэ ня прыходзіў. Можа даведаўся аб гэтым, дык сэрца балела, а можа так чаму ня прышоў, а можа... толькі ўсё ня было. Вярнуўшыся ў хату, ноч праплакала. Але ня пойдзеш-жа ты супроць бацькі і ўсяго сьвету!?
А ўзімку шэрыя, сумныя дні...
І ўспамінаюцца Насьце грубыя абыймы мужа, зьвярыныя ласкі яго. А брат добры, суцешыў: «Прыходзь дый жыві, кажа, у крыўду нікому ня дам...».
Брат з сястрою ідуць па полю. (Агей захацеў правесьці Насту дахаты). Сьцямнела... На сьнегавым