Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пасьля поўдня Агей сядзеў на лаўцы, гледзячы ў вакно, а за вакном — сьнег чысты і ў садзе іней ды моразь... Прышла брата наведаць Наста. Лапці яе ў сьнягу, галава павязана цёплай хусткаю, твар белы, бяз чырвані ды з жаўцізнаю пад вачмі. Агей чуць спазнаў яе. Помніў дзяўчынай чырвонай, з зіркімі вачыма. Брат узрадаваўся, а на вачох Насьціных— сініх і глыбокіх — паказаліся сьлёзы. Тады засьмяяўся Агей, сеў побач з ёю, а Наста нібыта сарамліва змахнула сьлёзы хусткаю, і твар стаў спакойным, толькі ў глыбокіх вочах сьвяціўся дзявочы сум аб страце нечага вельмі дарагога. Агей прыкмеціў, што ў сініх вочах сястры няма былой спрытнасьці, а вось застыла адна думка, і здаецца, ніхто яе не разгоніць. Ад поглядаў братавых у Насты зьявілася лёгкая ўсьмешка, пачала распытваць пра нязначныя здарэньні, як прыехаў, ці назаўсёды...

— А табе як жывецца?

Пасьля запытаньня Наста зірнула ў вочы брату, падумала: «расказаць яму ці мо’ ня варта?».

Нікан храпеў на печы.

— Ня ведала я добра яго, — гаварыла Наста. — Бацька загадаў мне: «Ідзі, кажа, дакуль ты будзеш сядзець у дзеўках, добры чалавек знайшоўся — і ідзі...» Ня ведала я нічога — не магла пярэчыць бацьку...

Бацька расплюшчыў вочы ды стаў прыслухоўвацца да гаворкі.

— Пажыла гэта я з ім, — ужо шэптам гаварыла Наста, — усяго нацярпелася, працай замардавалі, а