Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І цяпер так шкода было, што няма маці — простай, ласкавай. А памёрла яна даўно, у зімовы дзень, уначы, калі ў коміне вецер плакаў. Бацька тады п’янстваваў у карчме, ня думаў зусім аб ёй — хворай. Прышоўшы дахаты, ён доўга стаяў, аслупянеўшы, з шклянымі вачыма, потым пагладзіў халодную жончыну руку — і заплакаў. І ўсе тады заплакалі. Бацька жаліўся на свой лёс — на жыцьцё і, здавалася, усплыло ў той момант к грубаватаму чалавеку непамернае каханьне к пакутніцы-жонцы...

А тады жыцьцё пашло сваім чарадом — жорсткае, крыўднае, з малымі радасьцямі...

Кірыла езьдзіў у лес: прывёз сырога бярэзьніку з ельнікам. Нікан зьлез з печы і, накінуўшы кажух, хадзіў па двары. За нешта між Ніканам і Кірылам завязалася лаянка. Нікан крычаў і мацюгаўся на ўвесь двор, называў сына лежабокам. Агей заступіўся. Бацька, пакрыўдзіўшыся, больш ня злазіў з печы і не варочаўся пад кажухом — спаў ці драмаў...

Кірыла — тонкі, высокі, белакуры — шаснаццацігадовы хлапец, бойкі. 3 раньня ён чысьціў бульбу, сек дровы, паліў у печы і ўпраўляўся з гэтым рупна.

— Вучышся? — запытаўся Агей.

— Не!.. — нездаволена паморшчыўся Кірыла.— Бацька ня хоча. Няма, кажа, з навукі гэтай ніякай карысьці...

— А ты бацьку ня слухай у гэтым... Ён ня ведае...

— Ды я кніжкі чытаю... Люблю... у настаўніка бяру іх...

— Ну, і вучыся! — параіў брат...