— Арывон вясною падзяліўся, не захацеў разам жыць. Жонка ўсё баламуціла, сварку заводзіла. Т-так... Ну, дык ці зусім прышоў?
— Ня ведаю. Можа яшчэ прыдзецца ісьці...
— Ну, ты гэта кінь! — пакрыўдзіўся бацька, — тут абы ўзьбіцца на гаспадарку, на другога каня, карову купіць, на ногі каб устаць...
Тады ў Агея ўзьнікла вялікае жаданьне — пацягнула і яго да зямлі, захацелася з усёй мужычай упартасьцю ў адзін міг падняць бацькаву гаспадарку, перамагчы ўсю бацькаўскую няздатнасьць.
Нікан гаварыў роўным старым голасам, словы яго грубаватыя перасыпаліся, як каменьне ў пустой кадушцы. Казаў аб тым, колькі засеяў жыта, колькі сабраў бульбы — і ўсюды выходзіла ў яго ня так. Агею здавалася, што бацька імкнуўся ў словах некаторае паменшыць, паказаць не ў такім вобліку, як ёсьць.
А Нікан усё гаварыў:
— Бабы няма ў хаце. Насту аддаў замуж за добрага чалавека; жывуць, здэцца, хораша, у ладу — дай бог усяго добрага!
Нікан загуменьнем падыходзіў да таго, што Агею патрэбна жаніцца, гэта значыць: прывесьці ў хату бабу — жняю, гаспадыню. Агей дзе-небудзь пярэчыў. Тады Нікан злаваўся, няпрыкметна ў яго сьціскаліся губы, нэрвова закручваў на палец бараду.
Агей не паверыў таму, што Наста жыве добра. А ў бацькавых словах скразіла нявер’е ў сына.