водзе быў. І ў яго няўлад, бо ня можа прытарнавацца к сялянскаму абыходу; чалавек з сілы выбіваецца, новы чалавек, разумны... У Сідаравай хаце супрадкі. Дзеўкі зьбіраюцца, песьню якую сьпяюць. Усё час весялей пройдзе. Птр-ру! Вось і хата твайго бацькі. Змарыўся, мусіць, здорава — нялёгкая дарога!
У Агея сэрца мацней забілася. На вуліцы запахла прэлым сьнегам ды спакойнай цішынёю. Карней ходзіць і хлопае зморанага каня па храсткох...
— А можа-б, Агей, да мне зайшоў: па чарцы-б выпілі, усё цяплей. Я то сам кінуў піць, ну, а як...
— Ня варта, дзядзька, прыду я к табе заўтра, гады і пачастуеш.
— Няхай сабе і так, — згадзіўся Карней. — Адпачывай на здароўе. А я скажу сваім: прыехаў — так і так — Агей Ніканаў... Усяго добрага!
У асьвечанае вакно хаты відаць было: брат Кірыла плёў лапці, бацька стаяў, пачосваючы сьпіну; на сьцяне капціла газьніца.
На сяле сонна забрахаў сабака.
Дзеўкі-супрадніцы засьпявалі песьню. Яна ў паходах забывалася, а зараз ажыла:
Ой, ды ў по-олі, у по-олі, да-арожухна,
Ой, ды да-арожухна шырока-ая-я...
Агей спазнаў Маланьнін голас; ён пяшчотна забіраўся ў душу, варушыў нізкі дум, падобных на вясновую зелень, на раньне ў пару сенакосную...
Ізноў — завеі, паходы, сьнягі, вясна, сяло — і захацелася ад стомы заснуць у пахучым сене ці на скрыпучых бацькавых палацях.