А Карней — вечны земляроб-пахатнік — дзівіцца.
— Так, яно, сынок, усяго людзі нацярпеліся, усё перанесьлі. Як падумаеш, дык вялікая ў людзей сіла ёсьць... А вось — не разумею я, за што людзі біліся? Ты гаворыш, што за рэволюцыю. А хто яна такая?.. Прышла яна — ходырам усё захадзіла, сьвет перавярнуўся, а я мала што разумею. Роўнапраўе, знацца, прышло і завуць мяне цяпер дзе-небудзь ня проста, а таварыш Карней Карпячонак, — а мне з гэтага мала карысьці...
— Ды ня ў гэтым толькі справа.
— Можа сабе і так, але, як ні кажы, — зямлі больш трэба, на тое мы — мужыкі — цэлы век сядзім ды калупаемся ў зямлі...
— Не адразу, дзядзька, усё робіцца, нездарма-ж мільёны людзей біліся і гінулі на франтох — за лепшае, за рэволюцыю...
— От то-та-ж і яно — нездарма! Знацца, прыдзем да нечага...
І ў Карнея, як і вакол, галава ходырам ходзіць — бо думае чалавек.
Бяжыць мушаты, грывай памахвае; дарога бяжыць, бярозкі ў іней убраныя — і ўсё радасна сьледам бяжыць.
— Раскажы ты, дзядзька Карней, пра сяло — ні словам ты не абмовіўся, — нецярпліва просіць Агей.
— Што табе сказаць? — абярнуўся Карней, пачасаў у барадзе і за вухам, — усё на сваім месцы стаіць... Некаторыя пабудавалі новыя хаты — гэта ў завірухі той, а ў другіх, як стаялі тыя, так і стаяць,