армейскай шапцы, — патупаўшы нагамі, падабраў пад сябе мяшок і сеў; выцер твар ад пушынак сьнегу, закурыў пахучай салдацкай махоркі. 1 думаў ён, што едзе з фронту ў водпуск у сваё роднае сяло, дзе ў канцы сяла — шлях ліпавы, таму і завецца так— Ліпы. Думаў, бо ня быў у ім вось ужо чацьверты год, пашоўшы пры першым наборы чырвоных у армію васемнаццацігадовым хлапцом...
Паравік на вуліцы засьвістаў яшчэ. Яшчэ далей павёз людзей. Шум паравоза, гоман, гаворкі наганялі дрымотную песьню, некалі перажытую, хілілі Агея к трывожнаму сну. Людзі ўсе былі змораныя. Маладзіца з падвязанай у тры хусткі галавою нешта ціха гаворыць старому дзеду. Чырвонаармеец, проста на падлозе, соладка заснуў, раскінуўшы рукі.
— Жысьць ты мая — э-эх!—гаворыць дзед маладзіцы, прытоптваючы лапцем. — Бязладзьдзе ды раз-зор!..
Уздыхае дзед, а маладзіца падае думку:
— Скажы ты, дзядуля, ці не сканчэньне сьвету настае? Ні хлеба... ні солі... войны гэтыя прайшлі — чысьцюсенька разбурылі — датла.
— А можа сабе й так? Хіба-ж ты можаш разабраць, што адзін — тое, другі — гэтае — і ўсе іначай...
Дзед, выняўшы з торбы сухую скарынку мёрзлага хлеба, стаў жаваць. Маладзіца глядзела ў вочы. Слухала нямудры сказ пра жыцьцё.
— У горад езьдзіў, знацца, езьдзіў за дзьвесьце вёрст. Сын там у мяне. Ну, ён — го-о! Ня тое, як сказаць к прыкладу, жыве...