Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А можа дасьць улада? Як ты думаеш, дасьць нам савецкая ўлада зямлі? Чытаеш ты, Ілька кніжкі, ці напісана ў іх дзе-небудзь, каб далі цыганом зямлю... Маўчыш, значыць няма... І будзем мы да сьмерці жабракамі езьдзіць... Эх!

Ілька ўскінуў галаву, запаліў усіх сваім агнём.

— Зямля будзе, я даб’юся. Сягоньня-ж пайду ў горад...

— Ідзі, Ілька, ідзі... Ідзі к самаму большаму начальніку і скажы ад усіх нас: «Хочуць цыганы жыць, а няма ў іх зямлі. Дай нам зямлі. Ленін усім даў зямлі, а нас абмінуў. Калі і ты не дасі, дык пойдзем красьці. Вось што яно»... Ці праўду я сказаў?

— Зямлі дадуць.

— Ілька, пакажы там свой значок, няхай ведаюць, хто такі сын цыгана Ляксея, — ганарыцца бацька сынам.

Марта падышла, засьмяялася і правяла рукою па ўскалмачаных чорных валасох Ількавых.

— Праўда, што дадуць нам зямлі?

— Праўда.

— І мы сабе хату пабудуем?

— Пабудуем хату, будзем араць, сеяць. Я цябе навучу чытаць. Хочаш, Марта?

— Хачу.

Кажа Макар:

— Любі, Марта, Ільку: ён за ўсіх за нас, за наша жыцьцё.

Ня ведае бацька, што думае дачка.