вокам паглядаюць, каб хто ня ўкраў, і, бывае, гоняць з хаты.
— Дакуль будзе цягнуцца наша жыцьцё такое? Хто яго паправіць? Цыган — злодзей, цыган — маніць... У цыгана сумленьне нячыстае... Голад, хваробы...
Ілька глядзіць на воз, дзе сядзіць Марта. Доўга прыглядаецца ў яе смуглы і сумны твар, прабуе засьмяяцца ёй, але і ўхмылка ў яе выходзіць сумнай. Шкода яе...
Вось вецер падхапіў цэлую ахапку мокрых лісьцяў і пакаціў па дарозе.
А дарога яшчэ далёкая, нудная...
Так яны кожны год езьдзяць. З самага дзяцінства езьдзіць Ілька з бацькам. Толькі ў дзяцінстве было зусім іншае.
Ілька — маленькае чорнае цыганё. Прыстануць яны каля вёскі. Зьбяруцца заўсёды вясковыя хлопцы.
— Эй, цыган, паскач, капейку дам, — скажа хто-небудзь.
А Ілька рады: пойдзе скакаць, круціцца, перакідацца на руках. Сьмяюцца і дадуць капейку...
Праз тры дні язды прыехалі ў адну вёску, каля вялізнага балота, дзе яны зімавалі апошні раз. Папрасіліся ў хату к старым гаспадаром і гаспадары пусьцілі іх за вялікую плату...
— Што будзем рабіць, Ілька? — кажуць бацька з маткай, — нястача ў нас. Хлеба няма. На вёсцы сёлета неўраджай. Што рабіць, Ілька?