абхапіў сярэдзіну. Стаялі людзі і з цікавасьцю глядзелі на гэтую барацьбу. Нарэшце, Ілька аслабеў пад напорам і грузнае цела Ляха прыціснула яго да зямлі.
— Малайчына Лях! — крычаў Цьвірка, а разам з ім яшчэ некалькі.
— Ну, што, як?
Ілька маўчаў.
— Што маўчыш, гадаў сын? Ты думаеш, я ня ведаю куды ты хадзіў, ха-ха-ха. Лях усё ведае, ты хадзіў коняй глядзець, а гэта коні мае. Чуеш? Напляваць я хачу на цябе, што ты мне зробіш? Эх, ты, малакасос, а ня цыган.
Тады ў самоце паглядзеў Ілька на маленькі значок з правага боку грудзей і перавёў вочы на Марту, якая з пагардай глядзела на яго.
Ілька сказаў:
— Пайду ў горад і заяўлю, што ты ўкраў коняй.
— Пойдзеш? — насупленыя злыя вочы Ляха.
— Ба, няможна так, — прагаварыў нехта ў грамадзе.
— Цыган цыгана не выдае...
— Здрада! — крыкнуў Лях і з размаху ўдарыў Ільку ў грудзі.
Ілька пахіснуўся ў бок, але ўстоіў на нагах. У цёмнай журбе, уначы, калі паглядзеў ён на дзесяткі чорных, выскаленых твараў, у зрэнках яго вачэй успыхнуў аганёк. Ён не сказаў, а крыкнуў, крыкнуў цяжка, з надломам:
— Гэй, вы, слухайце, я хачу гаварыць аб праўдзе. Чуеце, аб праўдзе! Аб жыцьці!..