Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сьпяваў старую цыганскую песьню, а ўвесь табар, гледзячы на старога, рагатаў і пляскаў у далоні. Весяліліся, пакуль не патухлі вогнішчы і не заснуў увесь табар.

*

У табары ўсталі рана. Ірзалі ў лагчыне коні, недзе пішчалі сьвіньні і сасоньнік агалашаўся сьпевамі птушак. Рана прыгатавалі сьнеданьне і старыя цыганкі разышліся ў горад варажыць. У кожным з шатроў застаўся хто-небудзь.

Ілька паехаў з бацькам на кірмаш. Ехалі па пыльнай дарозе, па полю. Высока ўзышло сонца і ападала раса. Бацька гаварыў аб тым, каб купіць каня...

Ілька прахадзіў цэлы дзень па гораду, а к вечару зьвярнуўся назад у табар з маленькім значком на грудзёх. Ён дачуўся ў табары, што Цьвірку і Ляха да крыві білі на кірмашы за нейкіх коняй і яны ледзь жывыя ўцяклі. Цьвірка і Лях, пабітыя, але зноў былі п’яныя, лаяліся і гразіліся некаму. Каля ўваходу ў шацёр ляжала Марта, глядзела на двух сьмелых і п’яных цыганоў, здавалася, нічога не адбіваецца на яе твары.

Як зусім сьцямнела, прыцягнуліся ўсе жыхары табару, дзяліліся ўспамінамі аб пройдзеным дні, пералічалі заробленыя капейкі, а некаторыя лаяліся міжсобя.

А Ілька ляжаў, думаў, прыслухоўваўся да гаворкі Цьвіркі і Ляха. Цьвірка — рыжы, аграмаднага росту, гаварыў:

— Як ты думаеш, Лях, коні нашы — га?