— Коньмі гандляваць пачну. Можна і без каровы абыйсьціся. Цьвірка з Ляхам многа зарабляюць грошай.
— Хоць і бацька ты, але ня ведаеш: яны крадзеных коняй прадаюць.
— Маўчы, старая. Адкуль табе ведаць? Ба, добры цыган сам ведае...
Бацькі заспрачаліся, а сын сядзеў моўчкі. Ля бліжняга вогнішча сядзела Марта. Раптам яна ўстала і пашла з лагчыны на ўзгорак (Ілька гэта заўважыў).
— Дай, Ілька, грошы, — сказаў бацька.
Ілька выняў і даў, але ня ўсе.
— Дай усе...
— Усе аддам пасьля.
— Не паважаеш ты бацьку, сын. Што ты з імі рабіць будзеш?
— Ты прап’еш.
— Ба, Ляксей ведае цану грашам, і ня сыну клапаціцца аб гэтым. Ну, няхай, заўтра паедзем на кірмаш.
Ілька адыйшоў ад вогнішча на ўзгорак. Сеў і задумаўся аб цыганскім жыцьці. Добра відаць з узгорку ўвесь табар.
«Пагавару заўтра з таварышамі з гораду. Яны ўсе разумныя, усё ведаюць, чытаюць кніжкі, парадзяць як рабіць».
Не пачуў нават, як падышла Марта і паклала руку на плячо. Ілька ўздрыгануўся.
— Чаго ты сядзіш? Хмуры ўсё нейкі. Няма ў цябе агню... Ну, аб чым думаеш?
— Думаю аб нашым жыцьці...