Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Толькі адзін дваццацігадовы кучаравы цыган Ілька пашоў зусім у супроцьлежны бок. Ён ішоў па новых шпалах босымі чорнымі нагамі, размахваючы старой шапкай. Каўнер чорнай сарочкі расшпілены, вецер гладзіць маладыя грудзі. Па правую руку шуміць жыта і сьпявае зялёны прастор палёў, і гудуць рэйкі, гудуць...

Вось ідзе ён, п’яны ад працы, трошкі хістаецца, сьвішча сам сабе і, задаволены, думае.

Аб чым думае?

Два месяцы працаваў на гэтай чыгунцы, нясе з сабою грошы... Багаты Ілька... Не аднымі грашмі, а яшчэ маладосьцю і сілаю... Трэба ісьці вярсту полем, а там бярозавым гаем, а там сасоньнікам.

За ўзгоркам знаходзіцца табар, у лагчыне раскінуты цыганскія шатры.

Шчасьлівы Ілька не заўважыў, як прайшоў поле.

У табары запалілі вогнішчы. Моцным лаем заліліся сабакі. Дзятва гойсала, кугікала і круцілася ля вогнішча.

Не даходзячы дзесяці крокаў да табару, Ілька сеў на зялёным беразе невялічкай рачулкі, што працякала тут. Сеў, абхапіў калені рукамі і задумаўся...

Нехта шырока і разгульна заграў на баяне.

— Гэй, ціха, — пачулася разам. — Няхай Марта засьпявае... Засьпявай нам, Марта!..

І тады засьпявала Марта маладым, высокім поўнагрудым голасам, і здавалася прыціхла ўсё: не шалясьцела асака, задрамалі сосны, задрамаў і табар.

— Гэй, гэ-эй!