... Потым — пераехалі к Максіму (было, здаецца, перад нядзеляю). Маладзіцы за другім сталом ігрышча спраўлялі. Згаварыліся песьню засьпяваць. Цётка мая ка мне пахінулася:
— Ты ня сумуй, а лепш песьню паслухай!
Махаючы галавамі ў тахт песьні, засьпявалі маладзіцы:
А ўсе людзі жыта сеюць
А я, молада гора...
А ўсе людзі бога просяць,
Каб жыта ўрадзіла.
А я — молада — прашу бога,
Каб гора не схадзіла...
Высокі Максім, здаравенны — скінуў з сябе сьвітку, пашоў скакаць — да паліцы галавою даставаў, лапці чуць падлогу не прабівалі — эх!
Э-э-э... Як узышло тое го-ора
частымі ку-уста-амі-і —
Ро-ознымі-і цьвя-та-а-мі...
Голас у Максіма таксама здаравенны:
— Ды што вы — бабы — ліха на вас! — пра гора... Вы вясёлую давайце...
— Ну, Максімка, слухай вясёлую:
— Э-эх, як распашу я пашэньку
Ды-ы за-асею канапельку-у...
— Вось гэта дзела!
Плёскаючы ў ладкі, вышла маладзіца ды, сьпяваючы, дробненька пашла хадзіць...
Сеў Максім побач са мною, цяжкую руку на плячо паклаў...