Зьвінелі рэйкі, як-бы вецер дакрануўся сгрун.
Захадзіла за горадам сонца, азалаціўшы высокія бляшаныя дахі. Падымаўся ў горадзе прадвячэрні гул.
Рабочыя перакідаліся жартамі:
— Ну, як — пагуляем сягоньня?
— Чаму-ж не, пагуляем.
— Работнік з цябе невялікі, а гуляць ты любіш...
Яны-б нават зараз маглі разыйсьціся, але апошні раз хацелася больш пагутарыць, а самае галоўнае, паглядзець, як пойдзе першы паравоз па зробленай імі чыгунцы...
Зьвінелі рэйкі. На павароце ад лесу паказаўся густы чорны дым. Рабочыя ўсталі з месца, стаўпіліся каля насыпу і чакалі. Цьвёрдым поступам набліжаўся новы паравоз.
— Слаўны ход, — пахваліў нехта, — толькі-што з фабрыкі, мусіць.
За паравозам цягнуліся два вагоны. Двое рабочых, замазаных сажаю, махалі з вакна шапкамі. Тады некаторыя рабочыя таксама сталі махаць і крычаць.
З гулкім сьвістам астанавіўся паравоз на станцыі, а рабочыя пашлі атрымліваць плату. Стаялі ля маленькага вакенца касіра, нецярпліва чакалі сваёй чаргі, старанна расьпісваліся ў графе супроць свайго прозьвішча грубымі пальцамі з зямлёю на руках, а некаторыя ставілі крыжыкі; потым пералічвалі грошы і клалі ў замусоленую кішэнь порткаў.
Гурбамі пашлі ў горад, дзе грымелі аўтобусы, і дзе сталі запальваць электрычнасьць.