Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

аглянуўся: стаіць на гасьцінцы Арына, стаіць, белую хусьцінку вецер трэпле. Махнула рукою, павярнулася і пашла; вось схавалася за ўзгоркам і ня відаць яе...

Ішоў полем, ішоў сёламі.

Ішоў разам з сонцам, — шлях просты.

Да поўдня змарыўся. Торба давіць на плечы. Па дарозе возера — вада крышталёвая, напіцца захацелася. Напіўся прыгаршчамі, вымыў ногі — потныя і ў пыле, лягчэй стала.

Сустрэў па дарозе дзядзьку, што ішоў з касою. Спытаў, колькі вёрст засталося да гораду.

— Ды вёрст пяць з гакам, — адказаў дзядзька, падзівіўся трохі на хлапца і пашоў сваёй дарогай.

А Цімка — сваёй...

І вось ужо на сінім фоне неба, з водбліскам сонца, паказаўся гарадзкі завод з чорным комінам. Пачуўся грукат і гром. Нехта моцна стукаў палкаю па жалезу. Паказаліся на ўзгорку вялікія каменныя будынкі. Засумаваў і ўзрадаваўся Цімка...

Вось ён які горад!

— Эх, горад, горад, як-жа ты стрэнеш мяне? Як прытуліш?

І тады-ж горача падумаў Цімка:

— Абы імкненьні, а ўсё можна перамагчы...

Імкненьні — і далі...

*

... Жыцьцё ты — маладое!

Канём сівагрывым імчышся па загонах, сёлах, лясох. І ўсюды ты — сваё роднае, і ўсюды запал у грудзёх не астывае.