І вось яшчэ аб чым думае хлапец, калі праходзіць пасад жыта, дзе снапы ў рады раскладзены:
«Эх, ямчэй малаці, мой цэп! Выбівай, мой любы, да апошняга зерня!
Хутка ў горад пайду, дык ня скора можа сустрэнемся».
Атрымаў Цімка ў гэтым годзе камандыроўку на рабфак. (Ужо два гады перад гэтым думаў, каб папасьці, ды поўна было працы, не маглі пусьціць).
Цераз тыдзень надыйдуць тыя дзянёчкі, калі трэба пакінуць вёску. А тады — іншае жыцьцё пачнецца.
Як ня свой хадзіў гэтыя дні Цімка.
Хадзіў у лес нямаведама чаго, шчыпаў сьпелыя арэхі, сам з сабою перагукваўся. Як араў на зіму параніну, дык таксама ня мог адвязацца ад гэтых думак.
А сустракаўся з Арынаю: глядзеў ёй у вочы і ня мог наглядзецца.
— Дык як-жа будзе, Арынка?
Вочы дадолу апускала, цяжка ўздыхнуўшы.
— Дык так і будзе, Цімка... Ты ў горад паедзеш. Мяне вызначылі на піонэрскую працу...
Церабіла ў руках канцы хусткі, а Цімка ламаў пруцік ці галінку, якая пападалася пад руку.
— Ну, а ў наступны год ты, бязумоўна, прыедзеш у горад?
— Калі пашлюць, прыеду.
— Ну, глядзі-ж. Будзь...
І яны сумна разыходзіліся.