за другімі. Засьпявала і Дар’я на жніўны мотыў, як магла патрапіць. Удалася песьня! У Дар’і сьлязу нагнала на вочы.
І ўсе, хто быў, сьпявалі.
І песьня коціцца, варочае нешта ў грудзёх, хвалюе чалавека.
Вечар... Па-над логам слаўся туман. Маўчалі палі; а вёска не маўчала. Неба чыстым абрусам вісела, падатканае блішчастымі зорамі...
Зазьвінеў гармонік. Пачаліся скокі.
Разышліся мужчыны і бабы, і ў сваіх хатах чулі водгульле.
Так і ўсё на сьвеце. Грымне перш вялікім гулам. Абудзіць. Перастане.
І ўсё-ж водгульле доўга будзе зьвінець...
VIII
Прайшло жніво. Мінаецца лета.
У садох пукаюць аб дол сьпелыя яблыкі і разьбіваюцца. На яры трава выедзена да кораню скацінаю. На асіне жаўцее ліст.
Пад раньне стукаюць у гумне цапамі Цімка і Пракоп. Пад восень усе людзі злыя да працы. Дык па ўсіх такох вухаюць цапы, а ў хутараніна Кірылы Чарняка гудзіць новая малатарня.
Кажа Пракоп, замахваючыся па снапу цэпам:
— Троху намалацілі хлеба. Можа, дась бог, хопіць да новага.
— Хопіць, — запэўнівае Цімка.