Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

білі, фурманы са званкамі. Узад і ўперад ходзіць процьма народу. А Цімка — у лапцёх, з торбаю за плячыма — аніяк ня можа выйсьці, каб папасьці туды, куды яму трэба. І вось ужо яго пакідаюць сілы, змарыўся; хоча проста легчы на бруку, каб адпачыць, паклаўшы пад галаву торбу з хлебам, — як падыходзіць нехта, бярэ яго за руку і вядзе ў вялікі дом, дзе вельмі многа сьвятла — электрычнасьці; столькі многа, што Цімка прыжмурвае вочы і насоўвае шапку, каб не асьлепнуць.

— Ну, вось мы і прышлі, — кажа той, хто вёў яго.

І з радасьцю пазнае Цімка, што гэта нехта блізкі яму.

— Гэта ты, Арынка?

— Я...

Цімка працягнуў рукі... і прачнуўся. Сонца горача паліць сьпіну. Рыкае карова ў пуні. Завялая асака і кмен пахнуць у сене...

VII

Сьвяточны дзень.

Вёска на сонцы, як абноўленая стаіць...

З самога раньня на дзьвярах школы вісела афіша, якая ўсіх, хто ні праходзіў, зацікавіла.

Старыя і маладыя, сьпяшайцеся!

Сягоньня... спэктакаль...

Цікавая і жартаўлівая п’еса

„ПРЫМАКІ“ — Я. Купалы.

Пасьля гульні.