Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

стала. (Цяпер ён ня п’е, а ўперад у карчме здорава піў).

— Ну, за тваё здароўе, каб многа жыў! А мне ўжо, братцы, дык-бы і пара, але сьмерць ня прыходзіць...

Мужчыны гаварылі ціха, супакойна, а дзед, выпіўшы дзьве чаркі, загаварыў раптам буйна.

Успомніў пра былое.

— Ого-го — які я быў уперад — ох, спрытны быў на работу! Калі, бывала, працую, дык я быў дужа сярдзітым — гары, а работай!

Яго мала слухаюць. Ён махае над сталом рукамі:

— Слухайце, браткі, я вам проста скажу: нагараваўся я, ой, — як нагараваўся! Толькі быў тады ў мяне камок сілы — быў... Што-ж вы думаеце— вазьму я, бывала, дваіх таварышоў ды сьмехам і пакладу...

Ён схапіўся рукамі за галаву, ні к чаму пусьціў сьлязу: белая капля пацякла з маршчыністага твару на жоўтую руку.

— Усякага хлеба папрабаваў — і пад плотам валяўся, і пастухом быў, і вартавым — і чым я толькі ня быў? Яй-бо, ня верыце можа, хлопцы? А пра мяне кажуць: Клім такі, Клім сякі... Ой, браткі, браткі! Пражыў я свой век ды ня так, як чалавек...

— Старасьць! А жыць яму, як і мне, хочацца, — так я думаю, а Максім, быццам ведаючы, дадае:

— Так — старасьць — ня радасьць, а горб — не карысьць!