Перад тым, як ставіць спэктакль, зайшоў да Сёмкі Чыжыка. Той, з фарбамі ў руках, размалёўваў газэту і ўсьміхаўся, напяваючы нешта пад нос.
Паглядзеўшы на газэту, Цімка нават зьдзівіўся — так гэта добра вышла. Ніколі ня думаў, што Сёмка так прыгожа, такімі лёзунгамі размалюе. А ў Чыжыка з ілба пот цурком бег.
Насьценную газэту ў той-жа вечар аднесьлі ў школу. Прымацавалі яе да сьцяны так, што яна зараз-жа пры ўваходзе кідалася ў вочы. Сёмка адыходзіўся некалькі раз да другой сьцяны, і, мусіць, самому падабалася, бо рот крывіўся ў вясёлую ўсьмешку. Папрасілі нават настаўніка паглядзець. І той пахваліў. А прачытаўшы верш Сёмкі Чыжыка, дзе ён падпісаўся: «Сёмка Раскудлачаны», пахлопаў Чыжыка па плячы, што для яго значыла: «Малайчына ты, ліха на цябе!»
Тады Сёмку ня было канца радасьці. Цімку ён сказаў:
— Я, брат, за што ні вазьмуся, дык зраблю...
Соладка спаў у тую ноч Сёмка. Ён сьніў, што насьценную газэту паслалі на выстаўку, а верш яго перадрукавалі ў тоўсты журнал і гонорар заплацілі— нават ня столькі, колькі ён сам вылічыў, а ў два разы больш.
Спаў Цімка на дварэ на сьвежа-пахнучым сене. І аніяк ня мог заснуць, думаючы то пра Арыну, то пра горад... ... Папаў ён у вялікі горад (з роду ня быў там). Вялізныя камяніцы, жалезныя дахі. Снуюць аўтомо-