— От, добра любіць такую дзяўчыну!
Доўга ляжаў Цімка ў густой траве з сонечнымі лятуценьнямі.
III
Ідучы па вуліцы, Цімка надумаўся зайсьці да Сёмкі Чыжыка: ён нядаўна прыехаў з гораду, дзе канчаў у гэтым годзе сямігодку, дык Цімку захацелася пра тое ды сёе распытаць.
А на дварэ, праз адчыненае вакно, ён пачуў, што Сёмка з нейкім асаблівым захапленьнем і нарасьпеў, то павышаючы, то зьніжаючы голас, гаварыў нейкі верш.
Цімка падумаў:
— Ці ня сам ён, гад, верш напісаў, з яго будзе гэта.
У хаце толькі адзін Сёмка сядзеў на лаўцы, над нейкімі паперамі, падставіўшы вялікі палец правае рукі к носу і задраўшы калматую нястрыжаную галаву ўгару з адкрытым ротам; адну нагу ён падкорчыў пад сябе, а другую паклаў на ўслон, што стаяў побач. Такая поза трошкі зьдзівіла Цімку. І ў дзьвярах ён падумаў, што нешта надта-ж важнае вырашае таварыш. Нават і ўваходу яго Сёмка не заўважыў, як сядзеў, так і сядзеў. Цімка, падышоўшы да стала, працягнуў таварышу руку.
— Здароў!
Толькі тады страпянуўся Сёмка Чыжык і працягнуў руку з алоўкам, абкусаным на канцы.
— Чым, брат, займаешся?— спытаў Цімка.