— Вось табе й на! — стукнуў Цімка рукамі па каленях, састроіўшы сьмяшліва-горкі твар, — А я толькі думаў...
— Што ты думаў? — перадражніла дзяўчына Цімку і піхнула ў лужыну.
Запэцкаўшы калені, ускочыў на ногі, абхапіў яе за стан. І абое яны пачалі дужацца. Паваліліся, зарагаталі, пакаціліся па траве. Цімка якраз пад ніз папаў,
— Ого — якая ты дужая!
— Папаўся-б ты ў мае рукі, ведаў-бы!
І вось стаяла яна і сьмяялася любай усьмешкаю.
Твар яе белы, з чорнымі брывамі. З жосткасьцю і нейкай дрымотнасьцю ў целе, са сьпячай сілаю, са сьмехам, з жаданьнем рухаў і жыцьця. Цімка глядзеў утаропленымі вачыма, і постаць — гібкая і сьмелая— цягнула да сябе.
— Будзеш, Арынка, сягоньня на сходзе?
— Буду.
Цімка стаяў побач. У аднэй руцэ трымала каромісла, а пальцамі другой перабірала расплеценую касу. Ён нават не заўважыў, як узяў яе за рукі... Кукавала яшчэ зязюля, цурчэла крыніца, прыпякала сонца, на зялёнай траве раса серабрылася. І кругом было так радасна, як у Цімкі на сэрцы.
— Што гэта, Арынка, я хацеў сказаць табе?
— Успомні...
— А-а... вось што...
Ён раптам абняў дзяўчыну за шыю і моцна пацалаваў у самыя губы, так што Арына не пасьпела нават апамятацца.