Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

трэба ісьці сушыць. Цябе ўжо я не заву, ведаю, што як сьвяты дзень, дык ты па сходах...

Маці запаліла печ. Цімка надзеў новую кашулю, і быў рады, што бацька ня кліча з сабою.

Пракоп вывеў з пуні буланую кабылу і, пагладзіўшы яе па храсткох, лёг жыватом на сьпіну кабыле, потым перакінуў цераз яе босую нагу, і штаніна на той назе закасалася да калена. І, боўтаючы нагамі, з граблямі за плячыма, важна выехаў на вуліцу.

Завінуўшыся ля печы, маці сказала:

— Казалі, што ты папа лаяў на сваім сходзе. За што ты так?

Цімка ўспомніў, што нядаўна быў антырэлігійны вечар.

— І не аднаго нашага папа, а ўсіх, якія толькі ёсьць...

— Дык вось, ён казаў, бацюшка наш, калі будзе жаніцца Пракопаў сын, дык ні за якія грошы вянчаць ня буду.

— Во, знайшоў чым страшыць, ды я, хоць і буду жаніцца, дык без папа...

— Ну, ты гэтага не кажы. Можа калі і будзе справа тая. Я ўжо старая, помач трэба. А табе ўжо, дзякаваць богу, дваццаць гадкоў. Не маленькі. Бацька гаварыў са мною...

— Ну, аб гэтым я сам скажу, а ня бацька...

— Ну і распусьнікі цяпер пашлі. Усё яны самі, усё яны па-свойму. Ды гэта-ж я для парадку кажу.

Заўсёды так, пагаворыць маці ды змоўкне, не перасіліўшы на словах сына.