Перайсці да зместу

Старонка:Крыніца (1929).pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, нічога, яны перастануць.

І гладжу яе шарахаватую цёплую руку.

Яна міжвольна прыціскаецца бліжэй да мяне. Гэта ёй, мусіць, падабаецца. А мяне ахоплівае нявымоўная радасьць, я чую, як растаю ў нечым гарачым.

— Зося! Зоська! — шапчу я.

— Што, родненькі?

Абдымаю яе за гарачую тонкую шыю, мае пальцы блытаюцца ў яе густых валасох і яна ціханька ўздрыгваецца, ціснучы маю руку.

— Ласкавы ты, — шэпча Зося. — Ня ведаю цябе зусім, першы раз сустрэліся мы.

— Дык што з гэтага, Зоська? Ці мы ня можам яшчэ сустрэцца?

— Ці пакахаў-бы ты мяне?

На запытаньне я адказваю запытаньнем;

— Ці пашла-б ты разам са мною, каб не балелі ў цябе ногі?

— Пашла-б, ногі перастануць, толькі...

— Ну? Дапраўды? Толькі што? ,

— Каб не кахала свайго мужа, пашла-б з табою куды хочаш.

— Ды што ён табе! — крычу я. — Ты маніш, не кахаеш яго!

Яна — спрацаваная, пакорная свайму лёсу — кажа мне з нахіленай галавою ў журбе:

— Ён муж мне.

Я сьціскаю да болю яе рукі. Яна спрытна вырываецца.

— Пусьці! Позна ўжо, дахаты трэба...