— Ага? Дык ты так... Як пайду-ж я да Хімы, ды як раскажу, мала табе ня будзе. Гэта ня тое, што раней — што хацелі, дык і рабілі. Цяпер у нас свой абаронца.
— Фу, ты — трасца на вас! — Пасадзілі сьмехам, а здаецца і праўду ўзялі бабы ўладу.
*
Прыходзілі вёсны. Расьцьвіталі сады. Шумелі яблыні.
Зусім перамянілася вёска Дзяругі, як усё на сьвеце мяняецца. Высушылі сяляне за тры гады балота, што аддзяляла іх ад мястэчка. Па роўнай дарозе езьдзілі цяпер да гораду.
Перасталі цэлай вёскай сварыцца, а калі і сварыліся мужык з жонкаю, дык у сваёй хаце і паціху.
Хіма ўвесь час працуе ў сельсавеце старшынёю. Добра за гэтыя гады вывучылася грамаце (кожны дзень ляжаць у яе на стале новыя газэты, у якіх яна шукае апраўданьня свайго жыцьця). Калі прыдзе ў сельсавет дзядзька і папросіць:
— Міхайлаўна, дай газэтку на цыгаркі. У цябе-ж іх поўны стол, а ў мяне папера вывелася...
— Ты ня дуры, — кажа яна. — Газэты не для таго, каб цыгаркі з іх вярнуць...
— Ну, дык дай прачытаць, — паварачвае дзядзька ў другі бок.
І Хіма дасьць газэту. Няхай і скурыць, але ўсё-ж прачытае што-небудзь.