у першы раз бачыла карціну, дзе ад сьветлай лямпы на белым палатне ходзяць людзі, бяз слоў гавораць, езьдзяць на конях і на машынах.
— Вось каб гэта ды ў нас так было, — думала Хіма.
*
Яшчэ адзін дзень ехала ды ішла Хіма ў сваю вёску.
З самага мястэчка ўзьнялася сіберная мяцеліца, А ісьці так цяжка і неспакой браў ці ўсё добра ў хаце.
Калі пераступіла парог, Кузьма сустрэў яе коса і паказаў на малога.
— Хворы. Другі дзень ужо...
Хіма распранулася, палезла на печ. Дзіцё ляжала ў поце і цяжка дыхала...
— Божа-ж ты мой, што з ім такое?
Узяла на рукі, закалыхала, слаба ўсьміхнуўся хворы і блізка прыгарнуўся да грудзей.
— Хоць-бы не памёр! — тысячы думак віліся ў галаве...
Усю тую ноч Хіма ня спала, трымаючы на руках хворае дзіцё, і аднатонна, і ласкава напяваючы казку.
І карагодам кружыліся перад ёю ліхія гадзіны жыцьця, наганяючы на цяжкія павекі сон і сьлёзы. Дзіцё плакала, маці суцяшала, песьціла да раньня, бяз сну.
Маці, колькі ты начэй сядзіш так — згорбленая, худая, з ласкаю і агнём, ад якіх сталь расплаўляецца, з такімі вачмі, у якіх сабрана журба ўсяго сьвету?!