Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс псыхолёгіі.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРАДМОВА.

Час і беларуская школа вымагаюць падручніка псыхолёгіі. Нажалm, аднак, на беларускім кніжным рынку дагэтуль ніякае літэратуры ў гэтай галіне няма. Вось-жа, каб даць хоць галоўныя падставы псыхолёгіі, выдаецца гэты „Кароткі нарыс псыхолёгіі.“ З конспэктыўнасьці кніжкі вынікае, натуральна, шмат недасканальнасьцяў як падручніка. Сьпешнасьць і абставіны выдавецкага характару змусілі абмежавацца аўтара толькі да галоўных мамэнтаў і дэфініцыяў паасобных аддзелаў прадмету. Аднак, пры паглыбленьні пададзенага матэр‘ялу праз вучыцеля ў школе, або адпаведную літэратуру, прыдасцца й гэты конспэкт. Пры укладаньні яго ўзяты пад увагу сярэдняшкольныя падручнікі польскія, расейскія і чэсскія (Г. Челпанов, E. B. Titchener, Fr. Krejči, W. Witwicki і іншыя.) Найвялікшай перашкодай пры ўкла­даньні гэтае кніжкі была часта поўная адсутнасьць і недасканальнасьць тэрмінолёгіі з лёгікі й псыхолё­гіі ў беларускай мове. Аўтар спадзяецца, што праз выданьне адпаведнага падручніка ўсе недахопы гэтага „Кароткага нарысу“ будуць у будучыне выпраўлены.

Адначасна ў канцы кніжкі далучаецца кароткі тэрміналягічны беларуска-расейска-польскі слоўнічак, які будзе палёгкай для беларускай школьнай моладзі пры карыстаньні, найбольш даступнай ёй, польскай і расейскай псыхолёгічнай літэратурай. Слоунічак гэты часткова паўстаў з „Тэрмінолёгіі па лёгіцы і псыхолёгіі“ выданьня Інстытуту Беларускай Культуры з некаторымі асабістымі зьменамі і дапауненьнямі.