прадметы апрача кнігі, усё-ж яны ня выклікаюць таго ўражаньня, якое выклікае кніга. Або напр., кляса з увагай сачыць за выкладаньнем вучыцеля, хоць на вуліцы раздаецца шум і гутарка. Гэткі від увагі ўнутраны, сьведама выкліканы. Ёсьць яшчэ від мімавольнае, вонкавае ўвагі. Напр.: падчас лекцыі, калі ўся кляса з напружаньнем працуе, раздаецца стук за дзьвярыма і ўся ўвага клясы раптоўна скіроўваецца ў кірунку дзьвярэй. Робіцца гэта мімаволі. Увага часамі зьмешваецца з разуменьнем цікавасьці, але ўвага й цікавасьць (момант прыемнасьці) паняцьці розныя, хоць зьяўляюцца бачынкамі аднаго й таго самага працэсу.
Выабражэньне—гэта форма нашае душэўнае дзейнасьці, калі мы на падставе прыдбаных уражаньняў творым новыя згрупаваньні й абразы. У залежнасьці ад удзелу нашае волі й сьведамасьці ў тварэньні новых вобразоў можам заўважыць два віды выабражэньня або фантазыі: 1) пасыўны (мэханічны), 2) актыўны (творчы). Пры першым відзе ў выабражэньне не дасягае нашая воля, тут адбываецца бязмэтная гульня прадстаўленьняў (лятуценьне); у другім прыпадку заўважваецца сумысьля выкліканая, творчая праца ў імкненьні да новых прадуктаў. Асабліва гэта заўважваецца ў творчасьці мастакоў, паэтаў, пісьменьнікаў, тэхнікаў, інжынераў й г. д. Але й тут усе комбінацыі творацца на падставе прыдбаных раней прадстаўленьняў. У жыцьці людзкасьці момант выабражэньня-фантазыі гуляе калясальную ролю, бо ёсьць фактарам прогрэсу ў навуцы, культуры і цывілізацыі. У дзяцей фантазыя вельмі вялікая, бо выабражэньне не абмежана пазнаньнямі й жыцьцёвымі досьледамі, як гэта заўважваецца ў дарослых[1].
- ↑ У сучаснай псыхолёгіі (а пераважна ў псыхоаналізе) выабражэньню прыпісываецца роль „клапану бясьпечнасьці“, праз які задаваляюцца нашыя непраяўленыя імкненьні, жаданьні й інстынкты. Гэты погляд можна пашыраць і на сфэру творчасьці.