Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1921, Вільня).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

толькі князь Астрожскі быў патронам больш як 600 цэркваў. Калі царква ці манастыр ня мела такога заможнага патрона, як князь Астрожскі, то апеку над ёю бралі ўсе парафіяне, каторыя для гэтай мэты і складалі брацтва. Лік брацтваў пашыраўся. Амаль што большая палавіна насяленьня нашай бацькаўшчыны злучылася ў Брацтвы. Паміж асобнымі брацтвамі йшлі жывыя зносіны, багацейшыя арганізацыі рабілі матар‘яльную дапамогу бяднейшым. Каб мець большую моц, брацтвы прагнуліся адтрымаць ад патрыярхаў, так званую, стаўропігіяльнасьць. Сутнасьць стаўропігіяльнасьці была ў тым, што установы, маючыя яе, былі непадлеглымі ў адносінах да ўлады епіскапаў. Гэтая непадлегласьць давала права вольнай крытыкі епіскапаў, а ў некаторых выпадках — навет, права ўмешвацца ў чыннасьць епіскапаў. Выдатнейшыя брацтвы, як напрыклад, Львоўскае і Віленскае, стаўропігію адтрымалі.

У XVII-м сталецьці чыннасьць брацтваў дайшла да вышэйшай ступені свайго разьвіцьця. Гэта былі моцныя і вельмі багатыя арганізацыі. Багацьці іх складаліся, як з грошай, так і наагул, з рухомай і нярухомай маетнасьці. Бяднейшыя сябры брацтваў укладалі ў касу магчымыя невялікія ахвяры, затое багатыя сябры на патрэбы брацтваў апісвалі вялікія сумы грошай, вялікія каштоўныя будынкі і шмат зямлі. Лік брацтваў з году ў год павялічваўся і яны пакрылі нашу бацькаўшчыну, як-бы сеткаю. Пытаньні, якія ставіліся на агульных сходах брацтваў датычалі ня толькі жыцьця арганізацыі. Часта тут падымаліся пытаньні агульна-дзяржаўныя і агульна-грамадзянскія. Грунтоўнейшым з гэтых пытаньняў было пытаньне аб абароне веры і культуры Беларусі. Брацтвы таго часу групавалі вокала гэтага пытаньня энэргічных, разумнейшых і вучонейшых людзей. Яны станавіліся на чале брацтваў і працавалі словам, пяром і друкарскім станком. Жыва йшла культурна-нацыянальная праца і абарона. З гарадоў яна пашыраецца на вёскі, адбіваючыся і на вясковым сьвядомым элемэнце насяленьня.

Але барацьба была няроўная. З заходу йшоў ня толькі культурны, але і палітыка-соцыяльны ўплыў. Да Польшчы пачынае цягнуць вышэйшы стан беларускага грамадзянства, вабячыся „вольнымі хрысьціянскімі правамі каруны Польскай“. Часта мы можам спаткацца з такімі здарэньнямі, што сыны і ўнукі шчырых братчыкаў ужо пераходзяць у той лягэр, з якім змагаліся іх бацькі і дзяды (Астрожскія, Хадкевічі і др.). З цягам часу, усё больш і больш культурных сілаў адрываецца ад той глебы, ад таго грунту, на якім яны працавалі раней. Інтэлігэнт Беларусі кідае свой працоўны народ і йдзе ў польскі бок. На варце Беларусі асталіся „худыя і няслаўныя“.